ГНЕ́ЗНАЎСКІ КАСЦЁЛ МІХАІ́ЛА АРХА́НГЕЛА,

помнік архітэктуры позняй готыкі з элементамі рэнесансу. Пабудавананы каля 1524 у в. Гнезна Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. ўладальнікамі маёнтка Я. і А.Шамятовічамі на месцы драўлянага храма. З 2-й пал. 16 ст. да 1643 быў заняты пратэстантамі (касцёл быў пераабсталяваны ў кальвінскі збор). Значна пацярпеў ад пажару 1838 (згарэла ўсё драўлянае абсталяванне), адбудаваны ў 1844 уладальнікам маёнтка Г.Тарасевічам. У 1931—32 рэстаўрыраваны арх. Т.Плюцынскім. Мураваны 1-нефавы 1-вежавы храм з трохграннай алтарнай апсідай. Гал. фасад аздоблены плоскімі нішамі і аркамі рознага абрысу. Уваход аформлены арачным парталам. Сцены ўмацаваны гранёнымі контрфорсамі, завершанымі ступеньчатымі кансолямі. У касцёле абразы і скульптура 17—18 ст. На тэрыторыі яго захаваліся надмагільныя помнікі 19 — 1-й пал. 20 ст.

А.А.Ярашэвіч.

т. 5, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)